Вершы беларускіх паэтаў

Васіль Зуёнак

«Прыйдзі аднойчы...»

Прыйдзі аднойчы
            ў вечаровы час,
Калі плывуць дымы,
            як верасы,
Да кургана пясчанага,
            што нас
Разлучыць назаўжды,—
Прыйдзі, мой сын.

Павер хвіліну нейкую,
            што я
Жывы стаю між трапяткіх бяроз
I слухаю:
    у праведных баях
Што ты здабыў?
        Што ў сэрцы ты прынёс?..

Прыйдзі —
    як ветру жніўнага павеў,
Каб пада мною дыхалі палі
I колас той звінеў — не адзвінеў,
Што к сонцу
    на руках
        ты ўзняў спяліць.

Прыйдзі —
    як песня,
        што табе збярог
Бацькоўскі край
        і дбайна перадаў.
Прыйдзі —
    як рэха з тысячы дарог,
Дзе голас мой твае сцягі гайдаў.

Прыйдзі —
    як думкі вогненнай усплёск,
Як гром ракет, што ўзлёт твой акрыляў...
Прыйдзі,
    мая надзея і мой лёс,—
I лёгкай будзе
    для мяне


        зямля.
*********************************************

Анатоль Грачанікаў

«Як ападае ліст...»

Як ападае ліст, як ападае...
Нібы дазволу ў восені пытае.

Бывай, галінка гнуткая, бывай!
Няхай цяпер цябе галубіць вецер,
Салодка закалыхвае пад вечар
I будзіць на зары цябе няхай.
Хіба табе, пажоўклы, я раўня?
З табою развітацца мне не сорам,
Як з небам — ціхім пераспелым зорам
Перад прыходам маладога дня.
Бывайце, сонца, поле і таполя!

Мне час заснуць у восені ў прыполе...

*****

Зоры спяваюць

1

Палохае мяне гадзіннік пясочны,
Стрэлка секундная,
Дванаццаты ўдар апоўначы,
Тэлефонны званок сярод ночы.
Выгнаннікам адчуваю сябе
У натоўпе вялізным
I кожнаму стрэчнаму рады
Дзе-небудзь у лесе ці ў полі.

2

Яшчэ ўчора, табой аблашчаны,
Меў я крылы, і зоркі, і неба,
Меў цябе і сонца.
Птушкі адляцелі ў вырай.
Хмары пахмурныя вяшчуюць ноч.
...Як цяжка быць вязнем
Сваіх успамінаў!

3

Адпачнём з дарогі.
Дойдзем толькі
Вунь да таго ўзгорка,
Што падпірае зорнае неба.
Распалім касцёр —
Хай пагрэюцца зоркі.
Самую сквалчэлую, як птушанятка,
За пазухай адагрэю.

4

Чуеш, спяваюць зоры,
Якія дзіўныя галасы
У гэтым нябесным хоры!
Журлівыя, светла-звонкія,
Натомленыя, як дзіцячыя,— тонкія.
Самотныя, бесклапотныя,
Радасныя, гаротныя.
Чуеш, спяваюць зоры.
Якія дзіўныя галасы
У гэтым нябесным хоры!

5

Крылы свае адагрэўшы на ўзгорку,
Як дзікія галубы, пырхнулі зоркі.
Пырхнулі зоркі і ў небе расталі,
А нашу журбу з сабою не ўзялі.
Пойдзем, каханая, сцежкай надрэчнаю,
Недзе пад вечар нагонім зоры.
Пойдзем, каханая, першаму стрэчнаму

Скажам: «Дзень добры!»

*****

Мова...

Мова...
Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
I ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць,
I думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.

***************************************************
Яўген Крупенька 
 Ёсць у кожнага з нас...
 Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,
Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны.
                Пімен Панчанка


Ёсць у кожнага з нас незабыўны маленства куток,
Як у птушак, дзе вывелі дзетак, гняздоўе.
Борам стаў стогалосы за вёскай маленькі лясок —
Для мяне ён адзіны на свеце ў маім Прыдняпроўі.
Дзе б ні быў я далёка, куды б мяне лёс ні занёс,
Хату матчыну помню — заўсёды стаіць прад вачыма.
Чую клёкат бусліны, пад акном — ціхі шэпат бяроз,
Ты такой перад мной паўстаеш, дарагая Радзіма.
Нізкім стаў мне даўно, што здаваўся высокім, парог,
Ды і хата, як маці мая, за гады пастарэла.
На кляновым стале, на бялюткім абрусе, пірог,
Нібы сонца, ляжыць — ад яго на зямлі пасвятлела.
Сонца ў лісцях бяроз, на мурожнай у росах траве,
Жаўруковаю песняй злятае на колас жытнёвы,
А ў матуліным сэрцы найвялікшае сонца жыве,
Найвялікшае сонца — мая беларуская мова.
Слова маці! Цябе перадам я сынам.
Ты — мой скарб дарагі, найсвятлейшая спадчына.
За цябе, калі трэба, жыццё я аддам,
Толькі песня не моўкнула б матчына.
А пакуль я жыву, незабыўны маленства куток
Мяне вабіць туды, ён заўсёды стаіць прад вачыма...
Борам стаў стогалосы за вёскай маленькі лясок.
Ён у кожнага свой, ды адна для ўсіх нас —Радзіма.

****************************************************

Яўгенія Янішчыц

Мова

                                Н.С.Гілевічу

Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё
       беларускае,

Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе,
       родную, цёплую,

Жывую і непаўторную.
I калі ты мяне толькі паклічаш,
Памру за цябе без енку.
Нашу я любоў да цябе
       вялікую

У сэрцы сваім маленькім.

**************************************************

Пятрусь Броўка 

Кропля 

Дождж прарваўся з ветрам
У спякоту,
Па пясках ударыў
Буйным шротам...
За адно імгненне,
За хвіліну
Перамыў лістоту на галінах,
Пачапіў на кожнае іглінцы
Па адной засмучанай
Слязінцы.

Прашумеў. Суняўся.
Ціха стала.
I слязінка кожная зайграла.
Колькі ў кроплю
Фарбаў назаткана,
Быццам свет увесь у ёй сабраны:
Поле,
Луг,
Сады ўсяго пасёлка,
I рака,
I неба,
I вясёлка!

*************************************************

Анатоль Астрэйка

Над ракой

Ледзь варушыцца лісце ракіт,
I суцішана Нёман плюскоча.
Выйшаў месяц на ясны блакіт
Прагуляцца па чэрвеньскай ночы.

I спынілі гамонку лясы
Пад празрыстым святлом месяцовым,
I аселі крупінкі расы
На кустах і на травах мядовых.

Беразняк сніць над рэчкаю сны,
Пахіліўшы купчастае вецце.
Хто не любіць красуні вясны,
Калі месяц так хораша свеціць!

Вось і месяц між хмар патануў,
I ў суцёмках вада не ільсніцца.
Я вітаю жыццё, і вясну,
I зару, што на ўсходзе ірдзіцца.

*********************************************

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.